[Date Prev][Date Next] [Thread Prev][Thread Next] [Date Index] [Thread Index]

Пачаўся прыём заяваў на LVEE 2012



Восьмая міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў
свабоднага праграмавання Linux Vacation / Eastern Europe адбудзецца з
7 да 10 чэрвеня пад Гроднам.

Арганізацыйны камітэт ужо пачаў прымаць даклады і заявы на ўдзел, а
таксама запрашае фундатараў да супрацы.
Штогадовая беларуская канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў
свабоднага праграмавання заўсёды збірае пад Гроднам адмыслоўцаў гэтай
галіны з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза і інш.

Афіцыйныя мовы канферэнцыі – руская, беларуская і англійская. У Linux
Vacation / Eastern Europe прафесійны абмен досведам спалучаецца з
трохдзённымі нефармальнымі дачыненнямі з іншымі ўдзельнікамі на
прыродзе. Фармат канферэнцыі ўлучае слуханне дакладаў, кароткіх
выступаў, удзел у workshop’ах, круглых сталах. Абсяг тэмаў, выяўленых
на канферэнцыі, традыцыйна шырокі — ад расповедаў пра новыя свабодныя
тэхналогіі, праграмныя прадукты і досвед іх укаранення да аналізу
праўных і эканамічных бакоў свабодных ліцэнзій. Тэзісы канферэнцыі,
якія плануецца выдаць перад канферэнцыяй, змяшчаюць у сабе тэзісы
прынятых да LVEE 2012 дакладаў, а таксама матэрыялы зімовай сэсіі LVEE
Winter 2012 і традыцыйны блок інтэрв’ю.

Каб узяць удзел у LVEE 2012, трэба зарэгістравацца на сайце ініцыятывы
http://lvee.org і заявіць аб удзеле ў LVEE 2012 не пазней за 24
траўня. Прамоўцам канферэнцыі належыць падаць тэзісы прамовы не пазней
за гэтую дату з дапамогай сістэмы анлайнавага рэдагавання і
рэцэнзавання на сайце канферэнцыі. Паводле традыцыі LVEE прамоўцы
вызваляюцца ад платы арганізацыйнага ўнёску.

На гэтым адрасе можна таксама знайсці падрабязнейшую інфармацыю ўласна
пра канферэнцыю: гісторыю праекта, патрабаванні да афармлення тэзісаў,
звесткі пра даезд і жытло для ўдзельнікаў, матэрыялы з мінулых
канферэнцый.

Таксама арганізацыйны камітэт запрашае да ўдзелу фундатараў.
Мерапрыемства традыцыйна падтрымліваюць IT-фірмы, зацікаўленыя ў
супрацы з кваліфікаванымі адмыслоўцамі галіны свабоднага
праграмавання, а таксама ў падтрымцы культуры свабоднага праграмавання
як сацыяльна важкага феномена. Удзел у LVEE-2012 дае такім фірмам
выключную магчымасць простай працы з аўдыторыяй, якую складаюць
найбольш дзейныя распрацоўнікі і карыстальнікі свабодных праграм.
Ужо цяпер пра падтрымку LVEE-2012 абвесцілi кампаніi SaM Solutions,
Promwad, EPAM Systems, WORLD of TANKS team, SOURCEFABRIC, Ciklum ,
рэсурсы hoster.by i it-job.by.

Reply to: